Сёння ў раённы Дом культуры запрасілі не толькі прадстаўнікоў адказных службаў, якія ўдзельнічаюць у вырашэнні пытанняў прызнання дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
Прыйшлі на сустрэчу і бацькі, у сем'ях якіх маюцца крытэрыі па прызнанні сацыяльна небяспечнага становішча.
Адкрыў мерапрыемства намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Кушнер, які ўзначальвае камісію па справах непаўналетніх. Удзел у сённяшнім сходзе прыняла і памочнік пракурора раёна Антаніна Варанец.
Гаварылі аб важным – дабрабыце дзяцей. У чарговы раз усе, хто браў слова, нагадвалі бацькам: менавіта вы ў першую чаргу несяце адказнасць за бяспеку сваіх дзяцей, іх здароўе і нават будучыню. Абыякавасць, легкадумнасць і жаданне перакласці гэтыя абавязкі на плечы, напрыклад, педагогаў, ні да чаго добрага не прыводзяць.
У доказ – факты ад начальніка Інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Сяргея Вяргейчыка, дадзеныя аб «дзіцячых свавольствах» з агнём ад інспектара сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю РАНС Алега Бяспалага. На жаль, даводзіцца канстатаваць: наш раён трэці год у ліку «лідараў» па надзвычайных сітуацыях па віне дзяцей.
Каб гэтая інфармацыя яшчэ лепш запомнілася, дэманстравалі і відэаролікі аб бестурботнасці і яе наступствах. І праўда, сёння падлеткаў так часта спрабуюць ўцягнуць у супрацьпраўныя дзеянні, што бацькам нельга губляць пільнасць.
На бацькоўскім сходзе пастаянна нагадвалі: «СНС» – не таўро, а гучны сігнал сям'і тэрмінова выправіць сітуацыю. Пры гэтым нікога не кідаюць на самавольства – у крызісных сітуацыях можна атрымаць неабходную дапамогу, для гэтага дастаткова звярнуцца ў ТЦСОН.
Дарослых «узброілі» ўсёй неабходнай інфармацыяй, кантактамі і ведамі, каб яны маглі забяспечыць сваім дочкам і сынам сапраўды бяспечнае дзяцінства.