Сёння Хойніччына прыняла міжнародную «Эстафету Перамогі», якая прысвечана 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Старт ёй далі 2 лютага ў Брэсце.
Сімвалічна, што першым аб'ектам наведвання эстафетнай групы стаў мемарыял Брацкай магілы ў райцэнтры, дзе ўсе ўдзельнікі ўсклалі кветкі да манумента, ушанаваўшы хвілінай маўчання загінуўшых у баях хойнічан.
Да гэтай цырымоніі далучыліся і прадстаўнікі раённай улады на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў, лідэрам раённага аддзялення партыі «Белая Русь» Людмілай Рудчанка і першым намеснікам старшыні райвыканкама Аляксандрам Максімавічам.
Далей на адкрытай пляцоўцы гарадскога Цэнтра культуры ганаровых гасцей па Хойніцкай традыцыі сустракалі хлебам-соллю.
У гэты час у фае ўстановы культуры працавалі выставы, прысвечаныя памяці землякоў, якія ваявалі на франтах Вялікай Айчыннай вайны.
Яркі момант падзеі – на сцэне Цэнтра культуры адбылася ўрачыстая перадача сімвалічнага знака-пад бурныя авацыі гледачоў.
Сапраўдным і сапраўды запамінальным падарункам жыхарам Хойнікшчыны стала літаратурна-музычная пастаноўка «Ніхто не забыты, нішто не забыта».
Але перад пачаткам да ўсіх прысутных звярнуліся намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Максімавіч, першы намеснік начальніка Гомельскай пагранічнай групы Сяргей Свянцецкі, а таксама спецыяльны госць – ветэран органаў пагранічнай службы старэйшы мічман Віктар Ткач.
Памежнікі заўсёды стаяць на рубяжы нашай бяспекі, захоўваючы цішыню мірнага неба і спакою. Сёння хойнічане каторы раз пераканаліся – на нашай мяжы служаць не проста бясстрашныя людзі, але яшчэ і вельмі таленавітыя патрыёты. Чарговы доказ-душэўны канцэрт талентаў ваеннага аркестра Гомельскай пагранічнай службы.