Медалісты-2025: ішлі да запаветнай узнагароды з 9 класа. На Хойнікшчыне рэкордная колькасць выдатнікаў
16.06.2025
На выпускным вечары залатыя медалі заслужана атрымалі 17 хойніцкіх выпускнікоў! Лічба ўражвае.
Сёлета самая багатая на медалістаў сярэдняя школа № 3-11 дзяцей. У 11 «А» з гэтай складанай задачай справіліся Уладзіслаў Заяц, Вікторыя Сарнацкая, Ягор Танкачоў, Ірына Ульянава, Анастасія Маліноўская і Анастасія Атрошчанка. Кожны з іх удзячны свайму класнаму кіраўніку Людміле Каротчыкавай.
Медалістка Ганна Малочка з 11 «Б» набрала на цэнтралізаваным экзамене па рускай мове 96 балаў. Кажа, што такога выніку цалкам рэальна дасягнуць, старанна займаючыся. З ёй згодныя і іншыя ўладальнікі школьнага золата: Арына козыр, у якой 96 па рускай і 91 па англійскай, Анастасія Курленка, якая набрала 96 па біялогіі, Аліна Яваш і Андрэй Казмерчук. За іх поспехі перажывала класны кіраўнік Наталля Шаціла.
Вікторыя Дземчанка з сярэдняй школы № 2-не першая медалістка ў сваёй сям'і. Мама Таццяна ў гэтай жа школе атрымала таксама залаты медаль, а цётка Вольга – сярэбраны.
Ёсць медалісты і ў сям'і «залатога» гімназіста Аляксея Бандарэнкі: яго бабуля Ганна Вайтовіч не проста выдатна вучылася, але так жа выдатна вучыла дзетак Паташэнскай школы і ўзначальвала Паселічскую СШ. А мама юнакі-Кацярына-сярэбраная медалістка.
Ганарацца сваім выдатнікам у сям'і Мікалая Бяляўскага.
- Проста з восьмага класа трэба ўзяцца за галаву і працаваць, – тлумачыць сакрэт поспеху Коля. – У нашай сям'і ўсе гараць сваёй справай, а дзядуля Леанід Ануфрыевіч Стрэльскі для мяне прыклад, бо ён з адзнакай скончыў тэхнікум, стаяў ля вытокаў прамысловасці ў нашым раёне.
Са словамі сына згодная і мама Аляксандра Бяляўская.
11-класнік першай гарадской школы Антон Харошка на сваім прыкладзе даказвае: не трэба зубрыць, каб дамагацца высокіх ацэнак. Праўда, не перашкаджае заручыцца падтрымкай педагогаў, якія заўсёды на баку старанных вучняў. Гэта пацвярджаюць і аднакласніцы Антона-залатыя медалісткі Дыяна Камеш і Дар'я Ледзянёва. Дзяўчаты выдатна папрацавалі, каб цяпер ганарыцца вынікамі. Дарэчы, Дыяна набрала 98 балаў па рускай, хоць сама сябе адносіць да «тэхнароў». Разам са сваімі вучнямі з хваляваннем чакала вынікаў ЦЭ іх класная-Наталля Герасіменка.
Хтосьці з медалістаў збіраецца звязаць сваю далейшую вучобу з медыцынай, іншыя – з праграмаваннем і лагістыкай, цікавяцца лінгвістыкай, эканомікай і кіраваннем. Як складзецца іх лёс, вядома, пакажа час, але ўжо цяпер яны праславілі малую радзіму і свае школы.








