Галоўная / Навіны / Навіны рэспублікі
Навіны рэспублікі
Сацпадтрымка і радыяцыйная абарона: на якія мэты накіроўваюцца сродкі чарнобыльскай дзяржпраграмы
25.04.2025

Сацпадтрымка і радыяцыйная абарона: на якія мэты накіроўваюцца сродкі чарнобыльскай дзяржпраграмы

На якія мэты накіроўваюцца сродкі дзяржаўнай праграмы па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, расказаў на прэс-канферэнцыі першы намеснік начальніка Дзяржатамнагляду Леанід Дзядуль, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"На гэтым тыдні 39-я гадавіна чарнобыльскай катастрофы, і мы пачалі ўжо рыхтавацца да 40-й гадавіны гэтай трагічнай падзеі. Па-ранейшаму асноўныя намаганні дзяржавы накіраваны на зніжэнне радыяцыйнай рызыкі для здароўя грамадзян, стварэнне нармальных умоў жыццядзейнасці, у тым ліку для пражываючых на забруджаных тэрыторыях. Іх сёння 930 тыс.", - сказаў Леанід Дзядуль.

У краіне рэалізуецца ўжо шостая дзяржаўная праграма па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. "Амаль 60 працэнтаў сродкаў па праграме накіроўваецца менавіта на сацыяльную падтрымку грамадзян. Гэта льготы, бясплатнае харчаванне дзяцей, санаторна-курортнае аздараўленне. Каля 22 працэнтаў ад усяго аб'ёму сродкаў ідзе на пытанні радыяцыйнай абароны, звязаныя з атрыманнем нарматыўна чыстай прадукцыі, з кантролем колькасці радыенуклідаў, выкананнем адпаведных мерапрыемстваў. Таксама сродкі накіроўваюцца на сацыяльна-эканамічнае развіццё. Сёння можна гаварыць нават не аб аднаўленні, а аб развіцці тэрыторый, якія пацярпелі ў выніку аварыі на ЧАЭС. Ужо ацэнены ўсе рызыкі, зразумелы парадак дзеянняў", - адзначыў першы намеснік начальніка Дзяржатамнагляду.

Паводле яго слоў, расходы рэспубліканскага бюджэту на пераадоленне наступстваў аварыі паступова скарачаюцца. "У пачатку 1990-х доля даходзіла да 22 працэнтаў бюджэту краіны. Наступныя пяцігодкі - да 11 працэнтаў. З пачатку 2000-х мы ацэньвалі гэтыя лічбы як амаль 3 працэнты бюджэту, а сёння крыху больш за 1 працэнт. Пры гэтым ухіл у большай ступені робіцца на сацыяльную абарону. Дзяржава клапоціцца пра грамадзян", - падкрэсліў Леанід Дзядуль.

Да спіса