Галоўная / Навіны / Навіны рэспублікі
Навіны рэспублікі
Нацагенцтва па турызме прадставіла каляндар падзейных мерапрыемстваў Беларусі на восень
05.08.2025

Нацагенцтва па турызме прадставіла каляндар падзейных мерапрыемстваў Беларусі на восень

Нацыянальнае агенцтва па турызме падрыхтавала каляндар падзейных мерапрыемстваў "Восень у Беларусі 2025". Аб гэтым паведамляе БЕЛТА са спасылкай на сайт установы.

Так, у верасні гасцей запрашаюць на розныя гастранамічныя фестывалі і святы. У іх ліку "Бульбяны фэст" ва Уздзенскім раёне, "Свята клёцкі "І ў клёцках ёсць душа" ў Шаркаўшчынскім раёне, свята капусты ў Ваўкавыскім раёне, свята нацыянальных ласункаў "Макараўскія выкрунтасы" ў Бераставіцкім раёне, свята грыбніка "Поўны кошык" у Ашмянскім раёне, свята "Бульбяная маёўка" ў Навагрудскім раёне і інш. Акрамя таго, турыстам у Гомельскай вобласці прапануюць гастранамічны маршрут "Са смакам" у рамках праекта па нематэрыяльнай культурнай спадчыне "Дранікі - рудабельскі бульба-хіт".

Таксама ў афішы значацца ХХIX Міжнародны тэатральны фестываль "Белая Вежа" ў Брэсце, этнафестываль "МІР-фэст" у Карэліцкім раёне, ХХХII Дзень беларускага пісьменства ў Лідзе, міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў "Анімаёўка" ў Магілёве, Дзень сярэдневяковай культуры ў Лідскім замку "Лідскія ваяры", святы рамёстваў "Слуцкія паясы" ў Слуцку, "Сустрэчы ля млына" ў Зэльвенскім раёне, рэспубліканскія лёгкаатлетычныя спаборніцтвы KOPYL RACE і "Гальшанскі кірмаш".

У розных рэгіёнах запланаваны мерапрыемствы, прысвечаныя Дню народнага адзінства, святу збору ўраджаю "Багач", фестывалі арганнай музыкі. Таксама адбудуцца сёмае рэгіянальнае свята паэзіі "Вянок Аляксею Пысіну", урачыстасці ў гонар Юравіцкага абраза Прасвятой Багародзіцы Міласэрнай, рэспубліканская ўніверсальная выстаўка-кірмаш "Палеская скарбніца" ў Мазыры і абласное свята "Арад вянчання на святой тураўскай зямлі".

У кастрычніку нагодай для падарожжаў можа стаць закрыццё рыбалоўнага сезона ў Мінскай вобласці, "Вялесава ноч" у Бярэзінскім біясферным запаведніку, сельскагаспадарчыя святы "Шчучынскі кірмаш", "Пакроўскі кірмаш". "Пакроўскія сустрэчы" арганізуюць у Полацку, "Восеньскае падарожжа" - у Стаўбцоўскім раёне. Таксама ў Мінскай вобласці пройдзе аўтапрабег па памятных мясцінах Першай сусветнай вайны.

У лістападзе акцэнт зроблены на абрадавых святах: "Дзень Параскевы Пятніцы" адзначаць у Магілёўскім раёне, абрад "Перанос Міхайлаўскай свячы" прадставяць у Барысаўскім раёне, "Ката пячы" - у Дзяржынскім раёне. Яшчэ адна знакавая падзея - праграма "На ніцях белай павуціны прывозяць восень павучкі", прымеркаваная да дня нараджэння Якуба Коласа ў сядзібах "Акінчыцы", "Альбуць" і "Смольня". "Свята лялькі" адбудзецца ў Гродзенскім раёне, свята палявання - у Лепелі, "Свята млынараў" - у Гродзенскім раёне.

Цікавую праграму на восень прадставіў гісторыка-культурны комплекс "Лінія Сталіна". Тут правядуць ваенна-гістарычныя рэканструкцыі з нагоды Дня танкістаў, Дня ракетных войскаў і артылерыі.

Каляндар падзей на восень 2025 года ў Беларусі і Мінску размешчаны на сайце Нацыянальнага агенцтва па турызме. Інфармацыя пастаянна дапаўняецца і актуалізуецца.

БЕЛТА

Да спіса