У Хойніках адзначылі Дзень вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, які прыпадае на 24 лістапада.
Мерапрыемства адбылося ля мемарыяла брацкай магілы ў райцэнтры, дзе прайшоў урачысты мітынг з удзелам прадстаўнікоў раённай улады, грамадскіх аб'яднанняў, дэпутатаў, моладзі.
Да ўсіх прысутных звярнуўся старшыня райвыканкама Дзмітрый Шпігановіч:
- Мы памятаем і ніколі не забудзем пра гераізм і мужнасць франтавікоў, партызан і падпольшчыкаў, працаўнікоў тылу, усіх тых, хто абараняў, а затым падымаў з руін і папялішчаў нашу зямлю, хто аддаў у той страшнай вайне самае дарагое – сваё жыццё. Нізкі паклон усім, хто абараніў для нас права на жыццё і мірную працу.
Пра каштоўнасць мірнага неба гаварылі ваенны камісар Хойніцкага і Брагінскага раёнаў Юрый Майсееў і старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Віктар Васькевіч.
Хойнічане ўсклалі да мемарыяла кветкі і вянкі, ушанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання. Кранальнасць моманту падкрэслілі творчыя кампазіцыі ў выкананні таленавітых землякоў.